Біяграфія Алены Кіш

Алена Андрэеўна Кіш (1896 — 1949 гг.)

Нарадзілася ў мястэчку Раманава Слуцкага павета (цяпер вёска Леніна Слуцкага р-на) у сялянскай сям’і. У Алены не было прафесійнай мастацкай адукацыі, але значную частку жыцця яна хадзіла з вёскі ў вёску і малявала дываны па замове. За работу людзі аддзячвалі па-рознаму: хто даваў грошы, хто харчы, а хтосьці проста даваў прытулак і карміў.

У Алены Кіш былі тры асноўныя сюжэты, якія яна так ці інакш малявала для сваіх тагачасных «заказчыкаў»: «Ліст да каханага», «Дзева на водах» і «Рай». Росквіт яе творчасці прыйшоў на 1930-я гады. На дыванах яркімі, чыстымі фарбамі яна пісала выявы людзей, жывёл і птушак на фоне традыцыйнага ці экзатычнага пейзажу, стварала ідылічны, райскі свет. Па перыметру дываноў мастачка ўжывала акаймоўку з сакавітымі кветкавымі гірляндамі.

Лёс жа самой Алены быў зусім не радасны. Не стварыўшы ўласнай сям’і, апошнія гады яна дажывала ў малодшай сястры ў Грозава (Копыльскі р-н). У 1949 годзе яе жыццё трагічна абарвалася. Пахавалі Алену на мясцовых могілках. Надмагілле мастачкі звяртае на сябе ўвагу: бетонная лодка, падобная на тыя, што малявала сама Алена. Аўтар незвычайнага помніка скульптар Уладзімір Ламейка, а падтрымаў яго ініцыятыву былы старшыня сельсавету Валянцін Абрамовіч.

Імя Алены Кіш стала шырока вядомае напрыканцы 1970-х, калі мастачкі ўжо не было на свеце 30 гадоў. Наноў адкрыў яе мастак Уладзімір Басалыга, чыё дзяцінства праходзіла на Случчыне: яму пашчасьціла сабраць па вёсках, а сутнасна выратаваць, 13 дываноў. Упершыню работы Алены Кіш былі выстаўленыя на І Рэспубліканскай выстаўцы народных маляваных дываноў (1978 г.). Імя мастачкі можна знайсці ў выдадзенай у Югаславіі «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», дзе даюцца звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў – прымітывістаў свету.

Надмагілле А. Кіш.
Надмагілле А. Кіш.