Пра музей

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» больш чым за 30 гадоў існавання сабраў у сваіх фондах 15 000 музейных прадметаў, аб’яднаных у 30 калекцый. Асабліва вылучаецца калекцыя маляваных дываноў.

Работа па зборы калекцыі пачалася ў музеі-запаведніку з 1988 года з набыцця твораў Я. Н. Драздовіча. У тым жа годзе былі арганізаваныя экспедыцыі ў Глыбоцкі раён, а на працягу наступных дзесяці гадоў па Віцебскай вобласці – асноўным рэгіёне, дзе найбольш былі распаўсюджаны дываны. Ажыццяўляліся экседыцыі і па іншых абласцях рэспублікі, і ў выніку актыўнай збіральніцкай працы гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» сабраў самую вялікую калекцыю маляваных дываноў у нашай краіне больш за 250 адзінак. У калекцыі ёсць маляванкі як невядомых аўтараў, так і прызнаных у гэтай галіне майстроў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Музей-запаведнік захоўвае адзіную ў Беларусі калекцыю маляваных дываноў Алены Кіш – народнай мастачкі з вёскі Леніна Слуцкага раёна. (Усяго на Беларусі засталося 13 работ, у фондах музея-запаведніка захоўваецца 11.) Дываны Кіш арыгінальныя па сюжэтах, яны не маюць аналогій у народным беларускім мастацтве. Яе імя ўзгадваецца ў выдадзенай у Югаславіі «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», дзе даюцца звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў свету. Мастацкая спадчына Алены Кіш належыць да лепшых узораў творчага самавыяўлення беларускага народа.

Музей-запаведнік “Заслаўе” захоўвае самую вялікую калекцыю маляванак Язэпа Нарцызавіча Драздовіча – 32 работы. Мастак па адукацыі, ён вымушаны быў зарабляць на жыццё малюючы дываны. Творы Драздовіча – узорны прыклад мастацкага сінтэзу народнага і прафесійнага.

Цікавасць прадстаўляюць маляваныя дываны мастакоў–самавукаў М. Марозькі, Г. Кузаўкова, І. Ворсы, Ф.Сухавілы, Н.Зосіка, Я.Вайцешык.

Агульная колькасць адзінак калекцыі маляваных дываноў гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» дазволіла стварыць асобны музей – Музей беларускай маляванкі. Пад музей адведзены будынак былога флігеля палаца Пшаздзецкіх, уладароў Заслаўя ў XVIIIXIX стагоддзях. Па некаторых звестках, тут змяшчалася палацавая бібліятэка, карцінная галерэя і сцэна для тэатральных выступленняў пад час буйных ярмарак, што праводзіліся ў Заслаўі чатыры разы на год, і розных святаў.

Арыгінальны дызайнерскі праект экспазіцыі музея прафесійна стварыў ТДА «Мастак-сэрвіс». Праект распрацаваны з улікам сучасных магчымасцей экспазіцыйнага абсталявання і новых тэндэнцый у экспазіцыйнай дзейнасці.

Унікальная і каштоўная калекцыя дываноў, аналагаў якой не маецца ў Беларусі, прадстаўлена ў першым, і пакуль адзіным музеі, цалкам прысвечаным непаўторнаму прыкладу беларускага дэкаратыўнага мастацтва – маляваным дыванам.