Біяграфія Язэпа Драздовіча

Драздовіч Язэп Нарцызавіч (1888-1954)

Нарадзіўся 13 кастрычніка ў вёсцы Пунькі, Глыбоцкага раёна ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Калі Язэпу было два гады памёр бацька, і маці адна гадавала шасцярых дзяцей. Сям’я мусіла часта мяняць месцы жыхарства, арандуючы чужую зямлю.

Язэп Драздовіч пачаў вучобу ў прыватнай настаўніцы, пасля скончыў Дзісенскую гімназію, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева, якую скончыў у 1908 годзе. У 1910 годзе прызваны на службу ў расійскае войска. Там скончыў фельчарскія курсы. Першую сусветную вайну Драздовіч сустрэў у дзеючай арміі, пры запасным батальёне на Заходнім фронце. Пасля сямі гадоў службы вярнуўся на радзіму, жыў у родных на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля вёскі Германавічы.

З аптымізмам Драздовіч сутрэў рэвалюцыйныя падзеі. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, тэатр, а ў 1919 годзе, пасля ўтварэння БССР, пераехаў у Мінск і захапіўся культурна-асветніцкай дзейнасцю: арганізаваў таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскія тэатры, бібліятэкі; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Таксама займаўся раскопкамі гарадзішчаў, ездзіў з навуковымі экспедыцыямі па Заходняй Беларусі і рабіў графічныя замалёўкі беларускай матэрыяльнай культуры. Даследаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Свіры. Яго пяру належыць шэраг замалёвак: архітэктура Навагрудка, Вільні, Крэва, Глыбокага і інш. У Мінску Драздовіч стварыў серыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў горада — Замчышча, Верхняга Рынка, Татарскага прадмесця.

Пад час працы ў беларускім літаратурным выдаведстве аддзела камісарыята асветы, афармляў першы ў Савецкай Беларусі буквар. Першым стварыў серыю тэматычных партрэтаў беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Яшчэ з дзяцінства ў Язэпа Драздовіча было захапленне космасам, якое перарасло ў навуковую працу. Варта зазначыць, што тэорыю ён засвойваў самастойна, па падручніках. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў: «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940—1941 гадах працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках. Праз нястачу настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляванне і гісторыю. Педагагічная дзейнасць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе ў сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Пад час нямецкай акупацыі Драздовіч працягнуў сваю творчую дзейнасць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Па заканчэнні вайны праз праблемы са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заработку былі маляваныя дываны для сялян. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты.

Я. Драздовіч быў адным з першых беларускіх мастакоў-прафесіяналаў, які звярнуўся да маляваных дываноў. У яго працах арганічна спалучаюцца прафесійныя прыёмы і народная эстэтыка. Мастак добра ведаў асаблівасці народнага разумення прыгажосці і ствараў яе па тых жа правілах, не парушаючы гармоніі народнай паэтыкі.

Усё жыццё Я. Драздовіч жыў вельмі бедна, у яго ніколі не было свайго дома, яму не хапала грошай на палатно і фарбы. Яшчэ пры жыцці вялікая частка створаных ім карцін была страчана.

Вядома, што апошнім творам Я. Драздовіча быў “Зачараваны замак” – дыван, які ён напісаў у 1954 годзе, незадоўга да сваёй смерці. Памёр Язэп Драздовіч 15 верасня 1954 года, быў пахаваны на могілках вёскі Ліпляні. У 1982 годзе на яго магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар Алесь Шатэрнік).

Магіла вядомага беларускага мастака, фалькларыста, этнографа, археолага Язэпа Драздовіча ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Помнік на могілках вёскі Ліпляні (Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць). Усталяваны ў 1982 годзе, скульптар Алесь Шатэрнік.
Помнік «Вечны вандроўнік». Усталяваны ў 1993 г. у Мінску, на ўскраіне Траецкага прадмесця, у гонар беларускага скульптара, жывапісца і графіка Язэпа Драздовіча. Аўтары кампазіцыі скульптар М. Голубеў і архітэктар В. Марухин.