Маляваныя дываны

“БУКЕТ Ў ВАЗЕ” аўтар невядомы, 1945-1950 г.

Маляваныя дываны вядомы на Беларусі з канца XIX стагоддзя, але найбольшае іх распаўсюджванне адбылося ў 1930-х – 1950-х гадах. У гэты час вёскі актыўна перабудоўваліся, мяняўся інтэр’ер сялянскага жытла, але нязменным заставалася імкненне да прыгажосці. Калі ў заможных дамах былі габелены, кілімы ды карціны, то ў вясковых хатах з’явіліся маляваныя дываны – падобныя па матывах дэкору і кампазіцыі, але значна таннейшыя і менш працаёмкія. Звычайна ствараліся дываны на саматканым ільняным палатне або цыраце. Існавалі таксама паўдываны — з аднаго палотнішча, і макаткі — з палавіны палотнішча. Малюнак наносіўся пэндзлем, а таксама з дапамогай выразаных уручную з кардона, гумы ці бульбіны трафарэтаў. Існавала і змешаная тэхніка: выява па цэнтру дывана малявалась, а бардзюр наносіўся трафарэтам. Мастакі-самавукі для работы выкарыстоўвалі алейныя або клеявыя фарбы, якія самі і выраблялі.

МУЗЫКАНТЫ аўтар невядомы, 1930-1939 г.

На фарбаваным у чорны колер палотнішчы малявалі раслінна-арнаментальныя, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі. Дыван замаўлялі ў якасці падарунка на вяселле, народзіны дзіцяці ды іншыя святы. Даволі часта маляваныя дываны былі часткай пасагу, таму ў ролі заказніцы выступала нявеста і на дыване былі яе ініцыялы, а вось імя майстра магло не захавацца. Звычайна ў кожнай вёсцы, а то і ў акрузе вылучаліся 1 – 2 мастакі-самавучкі, для якіх маляванне дываноў было дадатковым заробкам.

Дываны ў хаце вешалі “на шчасце”, хацелі мець свой маленькі рай, і майстры стваралі на палатне ідылічную карціну свету згодна ўласным уяўленням і фантазіям. У якасці сюжэтаў выкарыстоўваліся вобразы расліннага і жывёльнага свету, лірычныя кампазіцыі. Часам мастакі-самавукі пры стварэнні маляваных дываноў запазычвалі сюжэты з карцін прафесійных мастакоў.

Аб тым, што маляванкі былі запатрабаваныя ў насельніцтва, сведчыць тое, што ў сярэдзіне 1950-х гадоў з’яўляюцца падобныя дываны фабрычнай вытворчасці. Аднак іх мастацкі ўзровень быў значна ніжэйшы за маляваныя дываны народных мастакоў.

Беларускія маляваныя дываны, якія напачатку выконвалі выключна дэкаратыўна-прыкладную функцыю, сёння – агульнапрызнаная гісторыка-мастацкая спадчына нашай краіны, шэдэўр наіўнага мастацтва.